ВІ́ННЫЯ КІСЛО́ТЫ,

дыгідраксібурштынавыя кіслоты, група стэрэаізамерных дыкарбонавых к-т, HOOC — CH(OH) — CH(OH) — COOH. Існуюць 3 стэрэаізамеры: D-вінная к-та (віннакаменная к-та, вінная к-та), L-вінная к-та (гл. Аптычная ізамерыя) і мезавінная к-та (антывінная к-та), таксама рацэмат D, L-вінная к-та (вінаградная к-та). Найб. пашырана D-вінная к-та, бясколерныя крышталі, tпл 170 °C, шчыльн. 1759,8 кг/м³; раствараецца ў вадзе, спірце, ацэтоне. У свабодным стане ці ў выглядзе солей ёсць у пладах (асабліва ў вінаградзе). Атрымліваюць уздзеяннем мінер. к-т на т.зв. вінны камень. Выкарыстоўваюць к-ту, яе солі і эфіры (тартраты) у харч. прам-сці (вытв-сць напіткаў, фруктовых эсенцый, пры выпечцы хлеба), гальванатэхніцы, каляровай металургіі (для кантролю чысціні металаў) і інш.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 4, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)